ГУ́ПТАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

старажытнаіндыйская імперыя ў 4—6 ст. Назва ад дынастыі Гуптаў. Сталіца г. Паталіпутра (цяпер г. Патна). Утварэнне Гуптаў дзяржавы пачалося пры Чандрагупце І

[320 — каля 335],

які прыняў імператарскі тытул. Пры яго сыне Самудрагупце [каля 335 — 375] дзяржава стала адной з найбуйнейшых на стараж. Усходзе. Пад уладай Гуптаў была амаль уся Паўн. Індыя. У часы Скандагупты [455—467] Гуптаў дзяржава вяла барацьбу з плямёнамі пуш’ямітраў у Зах. Індыі і з эфталітамі на ПнЗ дзяржавы (у пач. 6 ст. яны авалодалі зах. ч. Індыі, але каля 528 былі разбіты). Войны і ўнутр. крызіс аслабілі магутнасць Гуптаў дзяржавы, і ў канцы 6 ст. яна распалася. Эпоха Гуптаў — час росквіту стараж.-інд. духоўнай культуры, яе называюць залатым векам Індыі.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)